№16(456)

Август 2017

 Белорусские зарницы №91

Адаму Мальдзісу – узнёсламу Жыценю Дома Беларусі

Автор: Сяргей Панізьнік

___________________________________________________________________________

Краткое вступление: Тимофей Лиокумович

В ногу со временем
Белоруссия отмечает 85-летие своего известного общественного деятеля, литературоведа, критика, историка, публициста, подвижника становления братских взаимоотношений между народами, исследователя плодотворности их литературных связей, автора книг «Творческое побратимство», «Путешествие в ХIХ столетие», «На перекрёстке славянских традиций”, «Белоруссия в зеркале мемуарной литературы ХVIII века», «Перекличка дружеских голосов», «Белорусские сокровища за рубежом» и других Адама Мальдиса, лауреата Государственной премии Якуба Коласа, заслуженного деятеля культуры Польши.
О незаурядности личности юбиляра можно получить широкое представление из статьи белорусского поэта Сергея Понизника. Большинство встреч с А.Мальдисом оказались для него настолько плодотворными, что вдохновили на отражение их в поэтических строках. Эти стихотворения, сопровождающиеся объяснением причин и обстоятельств их возникновения, и легли в основу статьи. Читатель из Белоруссии, знакомясь с проникновенными понизниковскими строками, получит возможность не только ближе познакомиться с биографией и творческой деятельностью А. Мальдиса, но и возможность вновь прикоснуться к насыщенной тернистыми событиями белорусской истории, близко к сердцу воспринимаемой её верными сынами.

Тимофей Лиокумович

_______________________________________________________________________________


Адам Мальдзіс. Фота С.Панізніка

 

Было: уведаў я пра стваральную чыннасць Маціцы Галіцка-Рускай, Серба-лужыцкай, Славацкай, Чэшскай, Харвацкай – іншых культурна-асветных інстытутаў у гісторыі славянскага народазнаўства. Адам Іосіфавіч Мальдзіс быў заснавальнікам у 1991 г. і першым дырэктарам “Маціцы Беларускай” – Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны, дзе і я стараўся пазначаць у дыфузіі культур іскрынкі беларуска-латышскага спараднення. І вершы, прысвечаныя Творцу Адаму Мальдзісу, пачалі ў мяне ў тыя часы дапаўняць ранейшы наробак. Шматзначнае слова “маціца” ёсць і ў нашай мове: гэта адна з бэлек, на якой трымаецца ў хаце столь. Цудоўны вобраз, які мацуе радкі гэтага верша, распачатага яшчэ ў 1997 годзе, а сёння, дапрацаваны ў натхненні, адрасуецца ўжо 85-гадоваму Юбіляру з патаемнай зямлі Гудаў:
Маціца Мальдзіса
Даўно ў Святліцы Мальдзіса забранзавелі маціцы: яны ўтрымалі столь!
Бо сам Адам нібы Атлант! Жыццеўзнясенняў ён гарант, дыфузіі кароль.
Дапамагаў і бэлечкам даць волю нашым цемечкам: сябры - на вышыні.
Адам з Еўропай гутарыў пра выверты “гайні”:
- Не быць Айчыне хутарам! І не асесць на пні…
Бо назбіраў пад маціцу Скарына разам з Мальдзісам планеты карані.
Так, Доля - наша прасніца! Дом Беларусі ладзіцца у сценах дабрыні.
Каб летуцелі дні, - ты ў бронзаваую маціцу звані, Адам, звані!
І ўсё ж хочацца ўскалыхнуць сваё натхненне
На мерыдыянах і паралелях – своеасаблівых Адама Мальдзіса арэлях,
каб узгадаць некаторыя падзеі нашага агульнага летазлічэння.
1980 – 1981

Галоўная рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм Рэспубліканскага тэлебачання правяла два выпускі перадачы “Спадчына”. У 1980 г. Адам Мальдзіс распавядаў тэлегледачам пра Полацак і пра народжанага ў гэтым старажытным горадзе Францішку Скарыну. Прывёў новыя доказы дзейнасці і такім асветнікаў, як Каятан Марашэўскі, Ян Баршчэўскі. Мы пабывалі і ў Валынцах Верхнядзвінскага раёна, на радзіме першай беларускай “Камедыі”. Адам Іосіфавіч раскрыў дзейнасць Міхала Цяцерскага, які зрабіў пераробку мальераўскай п'есы “Доктар па прымусу”. А хвалі возера Нешчарда выкалыхвалі нам воблікі Яна Баршчэўскага. Запіс новай тэлеперадачы “Спадчына” праходзіў 7-8 снежня 1981 г. у Вільнюсе-Вільні. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Адам Мальдзіс зноў быў аўтарам і вядучым. А дапамагалі нам Янка Багдановіч, Альбінас Жукаўскас, Костас Корсакас, Альма Лапінскене.
1985

У 1981 г. я пазнаёміўся ўпершыню з творамі Язэпа Дылы, сабранымі пад адной вокладкай Адамам Мальдзісам. А ў 1984 г. выйшла яго кніга “Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў”. Падумалася: а мы, людзі новага часу, ці з”яўляемся спадчыннікамі К Каліноўскага, У. Серакоўскага – герояў гэтай аповесці і многіх іншых кніг Адама Іосіфавіча… Верш “Спадчыннікі” быў надрукаваны ў “ЛіМе” у 1985 г.

Спачыннікі Адаму Мальдзісу
Будучыня, моцны твой падмурак!
Для усіх – зямлян і землякоў –
вырасталі помнікі культуры,
памяць нерастрачаных вякоў.
Мы – ахова памяці і працы.
Спадчыну – на крошку! - не паруш.
Трэба не крыжамі выстаўляцца,-
Помніць пра распяцці добрых душ.
Бо цаглінка кожная у замку –
Нашых продкаў скамянелы крык.
Толькі праца – вечная!
І заўтра хай мацуе праца мацярык.
На дарозе творчага сталення
Нам любоў за вернага ганца.
У тваіх, Айчына, пакаленняў
Столькі працы – не відаць канца!
1987

На той час маімі “універсітэтскімі” падручнікамі былі кнігі “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, “Астравеччына, край дарагі…”, “З літаратурназнаўчых вандраванняў”… А як некрыкліва адзаначыць 55-годдзе ад нараджэння шаноўнага Творцы, пачатак яго афіцыйнай навуковай дзейнасці ў 1962 г., уступленне ў Саюз беларускіх пісьменнікаў у 1967 г., уганараванне доктара філалагічных навук у 1987 г. ? Верш “Страты” з эпіграфам А. Мальдзіса быў змешчаны ў “Дні паэзіі” за 1988 год.

Страты
Гістарычны лёс беларускага народа склаўся так, што яго матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці разышліся, расплыліся літаральна па ўсім свеце.
Адам Мальдзіс
Не хочацца бяссоніцай параніцца.
І ўсё ж паўночы сну пайшло у спраты.
Высвечваюцца светлазорнай раніцай
Усе мае разбуджаныя страты.
Яны – як дзіркі рваныя у полагу.
Яны – як прорвы чорныя ў стагоддзях.
Любая страта не знікае сполахам –
Нястачаю нашчадкам пераходзіць.
Ці вернецца нектар у соты родныя?
Запоўняцца набыткамі прагалы?
А нехта ж верыць: мы былі бясплодныя.
Дакуль жа век мой будзе абалганы?
Абкрадзеныя продкі - вы пакрыўджаны.
Мы ж, спадчыннікі, самі вінаваты.
Шыкоўненька пад новенькімі крыламі
Растуць сыны руінаў – бюракраты.
Яшчэ не хутка іх улада ляснецца,
Хоць рычагі у іх пахаладзелі…
А Беларусь была і ёсць уласніцай
Любой сваёй няспраўджанай надзеі.
І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца,
Забыўлівасці выламае краты.
Святла – у спраты! Ажывайце, страты,--
І ўсё, у што паверылі мы,- збудзецца!
1989

“Пра ўсё сказаць прыйшла пара”. Гэта не мне быў наказ з Нябёсаў. Хаця…А па праўдзе – 23-24 красавіка 1989 г. Варнянскі сельскі клуб на Астравеччыне – на вялікай, а не “малой” радзімы Мальдзіса, як звыкліся некаторыя аўтары пісаць пра родны мацярык, праходзіла Свята паэзіі. Усе, хто хацеў і мог, выказаліся прозаю і вершамі. А вось наступны хваласпеў, які я хачу паказаць, першымі радкамі праклюнуў паперу пад дзюбамі буслоў у Палушах. У “маёнтку дзеда Караля” – а папраўдзе – бацькі Марылі Каролеўны, жонкі Адама Іосіфавіча, і машыне месца знайшлося, і я ўтульна пераначаваў сярод рарытэтаў “кулацкага” а па праўдзе -- барозна-папарнага жыцця. Нарэшце вынырнуў ужо з майго архіва тоў здзіў:

Па вушы ў Палушах
Хата дзеда Караля
так падобна да вулля:
пчолачка з каронаю –
Марыя Каролеўна!
І не труцень сам Адам.
Не фазэнда тут, а храм!
Вунь на крону – неба столь-
бусел ускараскаўся.
Хай жа будуць краскамі і – у золь
з бабкаю Параскаю дзед Кароль!
1994

Пра бабку Параску, якая жыла на Шляху з Грэкаў у Варагі, я яшчэ раскажу. А зараз стукаецца ў шыбіну памяці сам Аўтограф Адама Восіпавіча з кнігі “І ажываюць спадчыны старонкі”, якая пабачыла свет у 1994 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Дарчы надпіс, калі прачытаць услух, гучыць так: “Дарагім Панізьнікам – аўтар, госць колішні хаткі бабкі Параскі ў яе 15-годдзе. А. Мальдзіс”. “Гістарычная” дакладнасць тут неверагодная. Гэта ў 1979 г. была набыта ў Цінкаўцах хаціна ад сына Белавус Параскі родам з-пад Дзісны. Праз год я пачаў збіраць “эхспанаты” для будучага музея.

2007
Пад Бігосавам, амаль на беразе Дзвіны ў Верхнядзвінскім раёне, з 1980-га да нядаўняга часу існаваў заснаваны мною Музей на Шляху з Грэкаў у Варагі “Хата бабкі Параскі”. Аднаго разу Адам Іосіфавіч там быў у наначках пасля наведання вёскі Валынцы.. Хацелася яму яшчэ раз узгадаць мясціны, дзе існавала Забельская калегія. Ступілі, успамінаю, на бугры даўніх пахаванняў тутэйшых знакамітасцяў. Муры-скляпенні раскурочаныя… Побач аднаго дашчэнту разграбленага склепа на кій быў уздзеты чэрап продка… На радзіме “Камедыі” мы здрыгануліся ад праяваў “выхаваных”атэістаў-варвараў. Але якая радасць апанавала мяне ад наведання ўжо згаданай хаты дзеда Караля ў Палушах. Яшчэ раз нагадаў пра яе Адаме ў новым падарунку—у кнізе з выдавецтва “Лімарыус”. Чытаю: “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса”. А дарчы надпіс такі: «Дарагому Сяргею Панізьніку, уладальніку гістарычнай “Хаты бабкі Параскі”- ад нібыта гаспадара хаты дзеда Караля. А. Мальдзіс. 4.12.2007”. Усе гэтыя дарчыя надпісы можна знайсці на 50-й старонцы ў кнізе-альбоме “Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960—2011).

2009
З выдавецтва “Кнігазбор” у 2009 г. мы атрымалі таміны ў 452 старонкі пад назвай “Тысяча гадоў добраму суседству. Беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыццё”. Складальнікам быў я, а галоўным рэдактарам А. Мальдзіс. Ён жа ініцыятар і апякун-арганізатар. Бо выданне было здзейснена пры дапамозе Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і грамадскай арганізацыі “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, самым актыўным сябрам якой была навуковец і перакладчыца Альма Лапінскене з Вільнюса. 1000-годдзе першай згадкі пра найменне “Літва” мы адзначылі вельмі ўзнёсла.

Адаму Мальдзісу
Хто Альмачку здаўна вітаў?
Dabar as viska supratau !
Літоўска-беларускі Колас
узвысіў Ты за небакрай.
Лапінскене, а з ёй Багдонас
падвышаны займеюць тонус:
- Gerai,- прамовяць. –Neblogai!
Тысячагодні юбілей падоўжыцца і надалей.
Сумесны будзем весці рэй!
І пра Расолы, Гудагай
пасунешся, Адам, у Рай,-
добрасуседства азываць,
сваё Стокніжжа выдаваць.
Dabar as viska supratau! (літ.) - Цяпер я ўсё зразумеў! Gerai (літ.) -Добра . Neblogai (літ.) - Няблага! Рай – вёска у Гродненскай вобл.
2012
Юбілейны год Адама Мальдзіса. Розніца між вёснамі-летамі ў нас – роўна 10. Таму загадзя пачаў складваць Адаму Іосіфавічу верш-прысвячэнне.

На дамалоткі
Зноў праз весніцы
ад Жыценя атрымаеш бохан.
Будзем жыць як набяжыць, ці не?
Не! Будзем слухаць Бога.
Нам з табой, Адам, пры Балтыцы
гудзьбаваць прасторы.
Юбілеі – каб упарціцца,
лушчыць недаборы.
І здабытак браць не ў рэзьгіні -
для Праабражэння.
Юбілеі – гэта хрэсьбіны
новага служэння.
Будзем заўтра з дамалоткамі
ты і я за туза,-
з мроямі салодкімі,
думамі-малодкамі
дні за лейцы тузаць.
2016

Адам Іосіфавіч 17 красавіка 2016 г. паведаміў: “Збіраюся на Астравеччыну. Буду ў Астраўцы, Рымдзюнах і Малях…” Пра ўзвядзенне Астравецкай атамнай электрастанцыі шораху на ўсіх суседніх землях многа. Я асцерагаўся трывожыць нашага Адомаса-Антраса-Гудаса (дарэчы: гуды ў разуменні балтаў – майстры, умельцы), але ўрэшце-рэшт асмеліўся на такое пяцірадкоўе: «Прашу Нябёсы ў сіні, зеллі,- Каб людзі т а м не ачарсцвелі, І каб Адамавы Рымдзюны, Як той Чарнобыль, не аселі На гнеўных ізатопаў дзюны».

Заканчэнне 2016 года запомнілася такімі мальдзісаўскімі радкамі: “Віншую з 500-годдзем беларускага і тым самым усходнеславянскага кнігадрукавання і 800-годдзем успамінання нашага этнічнага наймення ў пісьмовай (лацінамоўнай) крыніцы –Albarussia! 31.12.2016 г.” Нашы суседзі адшуканы тапнім “Літва” выкарысталі на 1000 працэнтаў. Мне ж падзякаваць за паведамленне давялося вось толькі так: Наша Альба! Знікне жальба,- мы ад вусця хваляў-гусьцяў паплывём не ўскось, а прама, Дзякуй ветразю Адама! Заўтра Мальдзіса стырно паяднае Высь і Дно. Плынь не будзе заскарузлай, бо з крыніцы беларускай. Колькі ж год ёй? Восемсот! Мацярык – у разварот!

2017
Чым надзелена мудрасць? З прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Прыпавесці Саламона” (Прага, 1517) можна вычытаць: «У ёй сапраўды ёсць дух – разумны, разважлівы, сціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, добры! І ўсімі астатнімі цнотамі мудрасць надзелена». Пакуль разбіраўся з цытатаю вынослівага Палачаніна, раптам з абажура, бо няма маціцы пад столю, скаціўся лісток календара ад 7 жніўня 2002 года. У тэксце на ім Алена Васілевіч узгадала лонданскае віншаванне ад Адама Мальдзіса ў 1982 г., пералічыла (амаль лірычна) усе адметнасці-выдатнасці-дасведчанасці доктара, прафесара, лаўрэата, медаліста з узнёслымі крыламі… І прызналася на заканчэнне: «Яго вуснае Слова можна слухаць, не стамляючыся, бясконца! Златавуст! Аратар – без позы! Цыцэрон!” І вось хачу пачаць самы свежы верш-прысвячэнне “Скарынаўская вязь», эпіграфам да якога ахвоцяцца радкі і з прадмовы Францішка Скарыны, і з каляндарнага выспаведвання Алены Васілевіч.

Скарынаўская вязь
І мовіць Ганна Запартыка: -
Зацыраваў Адам свой схрон.
Ён Таямніцаў уладыка:
тарчыць з архіваў Цыцэрон.
Ля слоў Алены Васілевіч
у поўнай згодзе словы Ганны:
- Аратар? Саламон?
Ён – веліч і Златавуст неабалганы!
На цаліку вякоў – Араты.
Узяць яго “снапы” ў музей?
Хай Словам скіне крагі з варты
і Клічам зрушыць Калізе
сваіх Расолаў не адасць.
Гучаць “—Sto lat!” яму парады.
Ён мемуарна верне страты.
Між чытачоў не будзе звады:
Скарынаўская у Адама вязь!

Сяргей Панізьнік



в начало статьи